Працоўная група „паліткантакт”

Адна з працоўных груп ўмоўна называецца „паліткантакт”. Асноўная яе задача – усталяваньне дыялога паміж беларускай дыяспарай у Нямеччыне і нямецкай грамадзянскай супольнасьцю, палітыкай і дыпламатыяй. Як некамерцыйная непартыйная арганізацыя згуртаваньне Razam мусіць заставацца палітычна нейтральным, таму мы не займаемся прамым палітычным лобі. 

Нам вельмі важна пазіцыянаваць маладую беларускую дыяспару ў Нямеччыне як аўтаномны суб’ект грамадзянскай супольнасьці, які мае экспертызу па тэме Беларусі і таму мусіць быць уцягнуты ў публічныя дыскусіі, асабліва што датычыцца адносінаў паміж Нямеччынай і Беларусяй, супрацоўніцтва паміж двума грамадствамі і магчымасьцяў падтрымкі Беларусі ў сітуацыі працяглага крызісу.

На бягучы момант у суполцы 14 чалавек з вельмі розным прафесійным досьведам. Яны маюць практычны вопыт працы ў трэцім сектары, журналістыцы і палітыцы, адукацыю ў сацыяльных, палітычных і эканамічных навуках. 

Мы заўжды рады падмацаваньню і вітаем любыя ініцыятывы. Для эфектыўнасьці групы важна ў першую чаргу глыбокае разуменьне актуальных палітычных, эканамічных і грамадскіх працэсаў, трывалыя веды нямецкай і ангельскай моў ва ўсіх яе ўдзельнікаў_ц і гатоўнасьць аддаваць нашай агульнай працы ільвіную долю свайго вольнага часу.

За паўтара месяца працы мы значна павысілі ступень пазнавальнасьці беларускай дыяспары і напрацавалі вялікую колькасьць кантактаў, як сярод дэпутатаў_ак Бундэстагу і Еўрапарламенту, МЗС Германіі, мясцовых палітычных дзеячаў_ак з дэмакрытычных партый, так і сярод нямецкіх НДА. Многія з іх часта прыходзяць на нашыя акцыі ў розных гарадах Нямеччыны, выказваюцца публічна ў падтрымку беларускага народу, актыўна ўдзельнічаюць у дэбатах пра санкцыі супраць рэжыму, сымбалічна праяўляюць салідарнасьць і дапапагаюць павышаць увагу да сітуацыі ў Беларусі. 

Разам з нямецкай грамадзянскай супольнасьцю мы таксама ўдзельнічалі ў складаньні сьпіса рэкамендацый і мер па падтрымцы Беларусі, адрасаванага нямецкай палітыцы і дыпламатыі. 

Акрамя таго, наша група дапамагала складаць і распаўсюджваць петыцыі і адкрытыя лісты ад беларускай супольнасьці з заклікам да нямецкай палітыкі адрэагаваць на сітуацыю ў Беларусі, а таксама дасылалі звароты ў розныя міжнародныя і нямецкія дабрачынныя арганізаціі (UNICEF, Сaritas, Aktion Deutschland Hilft, Save the Children, Ärzte ohne Grenzen etc.). На бягучы момант мы знаходзімся ў кантакце з нямецкім МУС і МЗС па пытаньнях гуманітарных віз, каб дапамагчы медыцынскай ініцыятыве Razam забясьпечыць лячэньнем ахвяраў палітычнага гвалту ў Беларусі. 

Да ўсяго мы каардынуем нашыя дзеяньні з беларускімі дыяспарамі ў іншых краінах, каб выпрацаваць агульныя стратэгіі ў актуальнай сітуацыі. 

У перспектыве мы хочам дзейнічаць больш канкрэтна і лакальна, актыўна далучаць да нашай працы людзей з усіх гарадоў Нямеччыны.

Мы вельмі адкрытыя для любых прапаноў і заўваг, прытрымліваемся прынцыпаў дэцэнтралізаванай працы і гарызантальнага прыняцьця рашэнтняў. Гатовыя падтрымаць любую зьмястоўную, мэтазгодную ініцыятыву ад чальцоў Згуртаваньня і па-за яго межамі. Пры неабходнасьці дапамагчы справай, парадай і кантактамі. 

Апошнім часам мы часта сутыкаемся з практычнай праблемай недахопу часу, таму PR групы і зьнешняя камунікацыя пакуль у заняпадзе. Вынікі і прагрэс працы ў публічнай сферы, як часта бывае, неэквівалентны выдаткаваным рэсурсам і часу, яшчэ і таму вялікая частка працы групы застаецца нябачнай.