Пра нас

Вітаем вас на старонцы беларускага сацыяльна-культурнага згуртаваньня RAZAM e.V.

Нашае згуртаваньне было заснаванае 9 жніўня 2020 года і мы зьяўляемся афіцыйным згуртаваньнем, якое актыўна працуе па шэрагу кірункаў!

Мы ўсе ўважліва назіраем за падзеямі ў Беларусі. Беспрэцэдэнтнае яднаньне беларусаў і беларусак выклікае захапленьне і разуменьне таго, чаго можна дамагчыся, калі нас шмат і мы разам. Усведамленьне гэтага дапамагло нашаму згуртаваньню паставіць перад сабой нашыя мэты, якія больш не выглядаюць недасяжнымі.

Што такое згуртаванне Разам?

Гэта згуртаванне беларусаў у Германіі. Дакладней не зусім. Мы не абмяжоўваем людзей ні грамадзянствам, ні нацыянальнасцю, хоць большасць з нас, вядома ж, так ці інакш звязаная з Беларуссю. Але галоўнае, што ўсім удзельнікам нашай суполкі неабыякавы лёс краіны ў геаграфічным цэнтры Еўропы, грамадзяне якой адважна змагаюцца за права самім вызначаць свой лёс.

Якія мэты ў згуртавання Разам?

У нас многа мэтаў, але ўсе яны могуць быць аб’яднаныя ўсяго ў тры рухаючых намі матывы.

  • мы хочам адстойваць інтарэсы беларусаў у Германіі
  • мы хочам, каб у Германіі ведалі, што за назвай нашай краіны стаіць не геапалітычны суб’ект, а краіна з шматвяковай гісторыяй, выдатнымі людзьмі і выбітнымі дасягненнямі
  • мы хочам, каб Беларусь стала камфортнай для жыцця краінай не толькі ў прамовах палітыкаў ці ў сацыяльнай рэкламе

Больш падрабязную інфармацыю аб нашых мэтах Вы можаце знайсці ў нашай Місіі-Прэамбуле

Чым займаецца згуртаванне Разам?

Усім тым, што ўкладаецца ў вышэйадзначаныя мэты. Мы ладзім фестывалі беларускай культуры. Запрашаем беларускія гурты і арганізуем выставы сучаснага беларускага мастацтва. Мы праштурхоўваем інтарэсы беларусаў тут, у Германіі, і інтарэсы грамадзянскай супольнасці – ў Беларусі. Мы дапамагаем беларусам, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, як на тэрыторыі Германіі, так і ў Беларусі. Гэта можа быць юрыдычная падтрымка, бязвыплатная дапамога ў арганізацыі мерапрыемстваў або бізнесу на тэрыторыі Германіі. Альбо фінансавая ці арганізацыйная падтрымка асобных жыхароў Беларусі ці супольнасцяў, якія патрабуюць дапамогу звонку, таму што дзяржава па тых ці іншых прычынах не можа іх падтрымаць. Мы адкрытыя для любых ініцыятыў, якія ўкладваюцца ў наш статут і нашы мэты.

Як працуе згуртаванне Разам?

Згуртаванне Разам складаецца з незалежных рэгіянальных груп, якімі рухаюць агульныя матывы. Рэгіянальныя групы вядуць свае ўласныя праекты і могуць мець уласныя інтарэсы. Але ўсе ўдзельнікі маюць доступ да агульных рэсурсаў, магчымасць прадастаўляць і карыстацца якімі можна дзякуючы агульнай платформе. Таксама ў нас ёсць агульнанямецкія ініцыятывы, якія патрабуюць супрацоўніцтва і рэсурсаў, што выходзяць за межы магчымасцяў лакальных груп. Усе глабальныя рашэнні прымаюцца выключна на дэмакратычнай аснове ўсімі ўдзельнікамі згуртавання.

Якія агульнанямецкія ініцыятывы ёсць у згуртавання?

На гэты момант ўдзельнікі нашага згуртавання працуюць у групах над наступнымі ініцыятывамі: 

  • палітычнае лобі, якое ўключае ў сябе акцыі, напісанне петыцый, кантакты з палітыкамі і PR
  • ініцыятыва па прасоўванні беларускай культуры, якая ўключае ў сябе правядзенне штогадовага фестывалю, дапамогу ў арганізацыі асобных канцэртаў і выстаў, складанне канцэпцыі для сеткі гастрабараў з беларускай тэматыкай
  • медыцынская дапамога жыхарам Беларусі
  • гуманітарная дапамога жыхарам Беларусі
  • розныя IT-ініцыятывы, якія будуць дапамагаць выконваць пастаўленыя згуртаваннем задачы, а таксама змагацца з прапагандай 
  • дапамога новапрыбылым ў Германію беларусам (жыллё, дакументы, праца, адукацыя)
  • пазашкольная адукацыя, якая ўключае ў сябе праекты вывучэння беларускай мовы ў школах у рамках нямецкай праграмы вывучэння родных моў, летні дзіцячы лагер з паглыбленым вывучэннем нямецкай, курсы выхаднога дня, дзіцячы садок, а таксама дапамогу ініцыятывам пазашкольнай адукацыі ў Беларусі
  • інфармацыйная праца з нямецкай грамадскасцю
  • арганізацыя курсаў павышэння кваліфікацыі і студэнцкіх абменаў
Ці з’яўляецца згуртаванне Разам палітычным?

І так, і не. Мы не пазіцыянуем сябе, як палітычная арганізацыя, але абсалютна апалітычнымі мы быць не ў стане, асабліва ў актуальнай сітуацыі. У адваротным выпадку ў нас проста не будзе рычагоў для дасягнення пастаўленых намі мэтаў. Пры гэтым мы не хочам асацыявацца з палітычнымі групамі або сіламі, але можам мець з імі агульныя інтарэсы на пэўным этапе. Мы прадстаўляем інтарэсы беларусаў у Германіі, і гэта для нас галоўнае. Мы не хочам займацца палітыкай, але мы хочам змагацца з завучанай бездапаможнасцю ў сабе і ў нашых суайчынніках.

Навошта мне патрэбнае згутаванне Разам?

Згуртаванне Разам – гэта платформа, якая можа прапанаваць цэлы комплекс рэчаў. Мы разглядаем наша згуртаванне як інкубатар для любых ініцыятыў і ідэй. Вы хочаце правесці акцыю ў падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі? Вы можаце зарэгістраваць яе на наша імя, а мы дапаможам вам з друкаванымі матэрыяламі, піярам і забяспечым вас неабходнымі страхоўкамі. Вам неабходная юрыдычная дапамога? У нас ёсць пул юрыстаў, якія верагодна змогуць вам дапамагчы з вашым праектам. Вас раздражняе, што вы вымушаныя чакаць тры месяцы на запіс ў міграцыйную службу? У нас ёсць кантакты з палітыкамі, і мы можам звярнуць іх увагу на вашу праблему. Вы хочаце арганізаваць канцэрт любімага гурта з Беларусі ў вашым горадзе? Мы можам вам дапамагчы з пошукам фінансавання і арганізацыяй мерапрыемства.

Чым я магу дапамагчы згуртаванню Разам?

Удзелам. Выяўляцца ваш ўдзел можа ў рознай форме. Вы можаце ўступіць у наша згуртаванне. Бо моцныя мы толькі тады, калі мы разам. Чым больш нас, тым большую вагу набываюць нашы словы. Вы можаце падтрымаць нашыя ініцыятывы фінансава. Пры гэтым важна адзначыць, што менавіта вы вырашаеце, якую менавіта ініцыятыву вы хочаце падтрымаць і што вашы сродкі будуць выдаткаваныя толькі на яе. Ну, і, нарэшце, вы можаце падтрымаць нас дзеяннем. Вы можаце далучыцца да любой з ініцыятыў і пачаць працаваць з намі.