
Teile diesen Beitrag:
04.09.2025
Памятная шыльда Васілю Быкаву ў Франкфурце зацверджана
У аўторак раённы савет №1 Франкфурта-на-Майне аднагалосна прагаласаваў за ўсталяванне памятнай шыльды ў гонар беларускага пісьменніка і дысідэнта Васіля Быкава (1924–2003).
У 1998 годзе Быкаў быў вымушаны пакінуць Радзіму з-за крытыкі рэжыму Лукашэнкі. У межах ініцыятывы «Горад прытулку» ён пражываў у Франкфурце-на-Майне ў 2001 і 2002 гадах. Цяпер раённы савет ухваліў усталяванне памятнай шыльды ў парку Bockenheimer Anlage, побач з домам, дзе жыў пісьменнік.
Перад галасаваннем сябры арганізацыі RAZAM Яўгенія Гукава і Алесь Маісеенка прэзентавалі дэпутатам Франкфурта жыццёвы шлях і творчасць гэтага выбітнага пісьменніка.
Мы выказваем падзяку ўсім дэпутатам, якія зрабілі магчымым рэалізацыю гэтай ідэі. Асобная падзяка — суініцыятарам Міхаілу Рубіну, Таццяне Трафімавай і дэпутату Штэфану Кортэ (FDP), які падаў заяўку.
Мы будзем інфармаваць пра ход рэалізацыі ініцыятывы ў нашых сацыяльных сетках.