Каманда Legal Help дапамагае беларус(к)ам, якія пацярпелі ад рэпрэсый. Ініцыятыва мае выключна грамадзка-карысныя мэты, не займаецца камэрцыйнай дзейнасьцю й кіруецца найперш нямецкім заканадаўствам.
Каманда Legal Help падтрымлівае беларусаў, якія больш не ў бяспецы ў Беларусі з-за свайго палітычнага і грамадзянскага ўдзелу.
Кансультацыя цалкам бясплатная. Да ліпеня 2024 года каманда Legal Help працавала ў RAZAM у рамках фінансавага праекта, цяпер працуе ў нашай партнёрскай арганізацыі Libereco.
І галоўнае: Вам ня трэба плаціць за нашыя паслугі!
Каманда Legal Help ня можа і ня будзе прымаць рашэньні за Вас, але каманда пастараецца максымальна аб’ёмна пракансультаваць Вас аб наяўных магчымасьцях у кожным канкрэтным выпадку й пастараецца па магчымасьці пасрэднічаць паміж Вамі й нямецкімі афіцыйнымі ўстановамі.
Каманда не зьяўляецца прадстаўнікамі нямецкіх ці беларускіх уладных структураў. Каманда можа ўплываць на афіцыйныя рашэньні нямецкіх уладаў толькі апасродкавана.
З-за ўказу з восені 2023 года беларусы больш не маюць права падаўжаць пашпарт у беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтвах за мяжой, але падаваць дакументы ў Беларусі занадта небяспечна.
Таму многім беларусам патрэбны альтэрнатыўны пашпарт — у Германіі гэта «паспарт для замежнікаў» («Reiseausweis für Ausländer»).
Што чакае ўцекачоў у Нямеччыне?
Асобы, якія заехалі ў Нямеччыну па гуманітарнай альбо шэнгенскай візе, могуць прэтэндаваць на атрыманьне міграцыйнага статусу. Пры гэтым яны атрымліваюць ад дзяржавы матэрыяльную падтрымку, харчаваньне й жытло. Аднак трэба ўлічваць, што гэта вельмі доўгі й складаны працэс, які можа заняць да году й нават болей. Асабліва на першую пару даводзіцца сутыкацца са шматлікімі складанымі сытуацыямі.
Умовы жыцьця ў лагерах уцекачоў часта вельмі простыя й спартанскія (сумеснае пражываньне), даводзіцца праходзіць шэраг сумоўяў. Тыя ўцекачы, якія валодаюць замежнымі мовамі (нямецкай ці ангельскай) і маюць добрыя шанцы знайсьці працу, могуць зьвярнуцца па дазвол да працы.
Якога кшталту кансультацыі каманда прапаноўвае?
Кансультацыя праводзіцца спэцыяліст(к)амі, якія прайшлі курс навучаньня ў галіне міграцыйнага права ў рамках § 6 RDG Unentgeltlіche Rechtsdіenstleіstungen пад кіраўніцтвам адваката.
У тэрміновых сытуацыях (заўв.: адмова ў падачы на прытулак) мы можам дапамагчы вам з пошукам адваката й у пэўных выпадках дапамагчы з аплатай.
КАМАНДА LEGAL-HELP:
ЭТАПЫ АПРАЦОЎКІ ВАШАЙ ЗАЯЎКІ
У ЯКІХ ВЫПАДКАХ МЫ МОЖАМ СПЫНІЦЬ АКАЗВАЦЬ ДАПАМОГУ
Каманда Legal Help заўжды імкнецца быць на баку кожнай і кожнага, хто да нас зьвяртаецца па дапамогу. Каманда таксама лічыць, што неабходна паважаць адзін аднаго й выконваць законы краіны, якая прымае ўцекачоў.
Рашэньне аб спыненьні супрацоўніцтва прымаецца камандай Legal Help, калі:
- Вас выкрылі ў хлусьні, утойваньні якoй-небудзь інфармацыі пра Вас ці Вашых асабістых дадзеных, важных для ходу справы. Вы павінны разумець, што ў выпадку, калі мы прадстаўляем Вашы інтарэсы перад афіцыйнымі органамі Нямеччыны, хлусьня, якая выявілася, стане ня толькі падставай адмовіць у дапамозе асабіста Вам, але й можа падарваць давер да нас як арганізацыі, а, значыць, адаб’ецца на тым, як будзе аказвацца дапамога астатнім нашым падапечным.
- Вы парушаеце нямецкія законы ці спрабуеце іх абысьці (напрыклад: нелегальная праца).
- Вы выказваеце непавагу да іншых нацыянальнасьцяў і культур, якія пражываюць у Нямеччыне.
- Вы праяўляеце адкрытую нецярпімасьць і агрэсыю да прадстаўнікоў меншасьцяў (напрыклад, LGBTK*)
- Вы праяўляеце агрэсыю й непавагу да навакольных, напрыклад, да валянтэраў і валянтэрак, якія працуюць з Вамі.