Дапамога ўцекачам ва Ўкраіне. Справаздача 15.01.21

Beitrag vom 18. January 2021

Дарагія сябры!

Ад моманту старта нашага праекта «Дапамога беларускім уцекачам» прайшло ледзь больш за месяц, і мы хацелі б прапанаваць вашай увазе нашу першую справаздачу.

З пачатку сьнежня мы здолелі сабраць 2759,55 эўра.

Апроч прыватных ахвяраваньняў, на рахунак нашага праекта паступілі грашовыя сродкі ад ініцыятывы «Breathe Freedom. Дыхайце воляй», а таксама ад беларускіх дыяспараў NRW і Hamburg. 

На стан 15.01.2021 была аказаная наступная дапамога:

  • Аплата часовага жытла: 2235 еўра.
  • Купля цэртыфікатаў на прадукты харчваньня: 95,74 эўра.
  • Пакрыцьцё пільных медычных выдаткаў: 195 еўра.

Дапамога ў аплаце часовага жытла была аказаная 26-ці беларускім уцекачам, улучаючы дзьве сям’і зь дзецьмі. Час жытлаваньня складаў/складае ад некалькіх дзён да месяца. 

У двух выпадках была аказаная фінансавая дапамога па даплаце за арэнду кватэры. Іншым уцекачам было сплачана часовае жытлаваньне ў хостэле. 

Мы ўзычылі цэртыфікаты на прадукты харчваньня беларускім уцекачам у колькасці васьмі чалавек. 

Пільныя медычныя выдаткі былі пакрыты двум уцекачам. Былі сплачаныя: паслугі стаматоляга, медычнае абследаваньне, уключаючы медычнае заключэньне. Апошнія былі абгрунтаваныя пагаршэньнем самаадчуваньня пасьля галадоўлі падчас «содняў» і наступствамі зьбіцьця, што прывяло да пералому.

Мы далі заруку пакрыцьця пільных медычных выдаткаў яшчэ аднаму ўцекачу. 

Першымі посьпехамі дадзенага праекта мы абавязаныя перадусім нашаму ўкраінскаму партнэру – незалежнай грамадскай ініцыятыве “Free Belarus Center”. Кожная заява на дапамогу праходзіць ягоную старанную верыфікацыю. Апошняя ўлучае ня толькі праверку дакументаў, якія пацьвярджаюць перасьлед, але й інтэрв’ю па тэлефоне, а таксама асабістыя сустрэчы. У няпэўных выпадках вядуцца кансультацыі з нашай працоўнай групай. Пастанова пра ўзычэньне дапамогі кожны раз прымаецца намі супольна.

Мы ўдзячныя нашаму партнэру ня толькі за празрыстую камунікацыю й бездакорную працу, але й за той чалавечы рэсурс (асабістае камунікаваньне, увагу, падтрымку), які атрымвае кожны, хто зьвярнуўся да йіх па дапамогу. 

Мы вельмі ўсьцешаныя тым, што наладзілі супрацу зь яшчэ адной украінскай арганізацыяй – дабрачыннай ініцыятыўнай групай «Родныя Кут. Дапамога беларусам ва Ўкраіне». Намі сплачана жытлаваньне васьмі беларускіх уцекачоў (улучаныя ў агульны лік), што прайшлі верыфікацыю гэтай арганізацыі. 

Фінансавая справаздача пра праведзеныя грашовыя аперацыі па ўзычэньню дапамогі беларускім уцекачам ва Ўкраіне за перыяд 07.12.2020 — 15.01.2021

Прыбыткі:
Пералічанае на рахунак злічво: 361 еўра
Праз Money Pool: 2332,55 эўра
На PayPal: 140,99 эўра

Агулам: 2834,54 эўра

Выдаткі: 
Аплата жытла, агулам: 2254 эўра
– Аплата хостэла: 1668 еўра
– Даплата арэнды кватэры 1: 136 еўра
– Даплата арэнды кватэры 2: 450 еўра
Цэртыфікаты на прадукты харчваньня: 95,74 эўра
Медыцынскія выдаткі: 195 еўра
Камісія за пералік грошай: 46 еўра

Агулам: 2590,74 эўра

Рэшта: 243,8 эўра