Святлана Ціханоўская на сустрэчы з дыяспарай у Берліне

Beitrag vom 14. December 2020

Народная лідэрка папрасіла беларусаў замежжа не спыняцца і актыўна заклікаць мясцовыя ўлады далей падтрымоўваць Беларусь і ўплываць на рэжым. Святлана таксама нагадала, што мы можам палепшыць шэрыя турэмныя будні палітычных зняволеных, даслаўшы ім хаця б адзін ліст або паштоўку ў тыдзень.

 

Святлана пагутарыла ня толькі з журналістамі, але таксама з многімі людзьмі, якія падыходзілі да яе з пытаннямі, прапановамі або словамі падзякі. Ад імя Евангелічнай царквы Германіі, пастар па экуменічных сувязях Кай Фэлер (Любэк-Лауэнбург) выказаў падзяку Святлане Ціханоўскай за яе нястомныя намаганні і ўручыў падарунак ад Гамбургскай дыяспары.

 

Арганізатары акцыі падрыхтавалі яркі калядны выступ, вершы ад маленькіх удзельнікаў акцыі і вялікую інсталяцыю – ялінку з манітораў, на якіх трансляваліся самыя яскравыя моманты пратэстнага руху беларусаў.

 

Акрамя тых, хто змог прысутнічаць на Gendarmenmarkt асабіста, да нас далучылася вялікая колькасць людзей праз жывы стрым. З намі быў нават Хабараўск, дзе ў гэты час была глыбокая ноч.

 

Дзякуй усім і кожнаму за ваш удзел і падтрымку! Святлана Ціханоўская, дзякуй за ваш візіт!