Новы лягатып нашага Згуртаваньня

Beitrag vom 3. June 2021

Дарагія сябры й сяброўкі!

 

Мы радыя прэзентаваць новы лягатып нашага Згуртаваньня: галоўны складнік лягатыпа – надпіс “RAZAM DE”, выкананы чырвоным стылізаваным шрыфтам на белым грунце. Апошнія дзьве літары “DE” ня толькі паказваюць на тое, што мы ёсьць арганізацыя Нямеччыны, але й адсылаюць на наш вэбсайт, што таксама важна. Другім складнікам лягатыпа ёсьць выява бусла, які ўзьлятае. Бусел,злучаючы “RAZAM” і “DE”, накіраваны на Ўсход, у кірунку да Беларусі. Лягатып завяршае выслоўе “Belarusische Gemeinschaft” – Беларускае Згуртаваньне. 

 

Бусел увасабляе ціхамірнасьць, мудрасьць, пачатак новага жыцьця й, тым самым, сымбалічна ўяўляе сабою ня толькі аснову й галоўныя каштоўнасьці, але таксама й матывацыю стварэньня нашага Згуртаваньня. Стылістыка шрыфту й выявы бусла перагукваюцца са старажытнымі традыцыямі беларускіх рамёстваў: разьбярствам, пляценьнем і аплікацыяй з саломкі, ганчарніцтвам. Разам з тым, мах крылаў і ўзьнятая галава бусла надаюць лягатыпу рух, скіраванасьць наперад. Прастэча, дакладнасьць і прапрацаванасьць формы перадаюць адчуваньне сучаснасьці лягатыпа. Аднакаляровае вырашэньне лёгка дазваляе ўсяляк выкарыстоўваць новы лягатып: на ягонай аснове былі распрацаваныя блянкі службовых лістоў, прымернік прадстаўленьняў ды спадарожны графічна-візуальны матар’ял прадстаўленьня RAZAM. Таксама, ключовыя складнікі новага лягатыпа лёгка прыстасоўваюцца да каналаў сацыяльных мэдыяў.