Адкрыты Ліст да Польскай Дыяспары
Beitrag vom 6. August 2022
Шаноўнае спадарства,
пасьля сфальшаваных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе рэжым Лукашэнкі ў Беларусі неаднаразова прыцягваў увагу сваёй антыпольскай рыторыкай, якая, відавочна, дасягнула свайго піку ў апошнія тыдні.
Апошнім часам неаднаразова зьяўляліся паведамленьні пра знішчэньне мэмарыялаў і магілаў загінулых жаўнераў Арміі Краёвай у вёсках ды мястэчках Мікулішкі, Карэлічы, Ваўкавыск (усе у Гарадзенскай вобласьці). Польская Армія Краёвая зрабіла вялікі ўнёсак у барацьбу з нацысцкай акупацыяй у Другой усясьветнай вайне. Тым не менш, беларуская ўлада вырашылася на відавочную помсту за падтрымку, якую Рэспубліка Польшча аказвае беларускай грамадскай супольнасьці.
Антыпольская рыторыка выяўляецца, напрыклад, у надуманых сцэнарах пагрозаў на беларускім дзяржаўным тэлебачаньні, паводле якіх Польшча нібыта імкнецца да анэксіі беларускіх тэрыторыяў.
У сакавіку 2021га году Гэнпракуратура Беларусі распачала праверкі ў дачыненьні да сябраў Саюза палякаў Беларусі. На сёньняшні дзень старшыня абьяднаньня Анжаліка Борыс знаходзіцца пад хатнім арыштам, а актывіст Анджэй Пачобут пад вартай, хаця больш чым праз год абвінавачаньні ім не былі прад’яўленыя.
Гэтым лістом мы, беларускае згуртаваньне RAZAM e.V., хочам давесьці, што аўтакратычны рэжым не прадстаўляе беларускі народ і кваліфікуецца значнай часткай міжнароднай супольнасьці як нелегітымны. Мы асуджаем знішчэньне польскіх мэмарыялаў, перасьлед прадстаўнікоў польскай дыяспары ў Беларусі й ўсе іншыя антыпольскія правакацыі з боку дыктатарскай сыстэмы ў Беларусі.
Tое, што ў Беларусі, пасьля пераходу да дэмакратыі, будуць адноўленыя мэмарыялы й рэпрэсаваныя актывісты будуць рэабілітаваныя, ёсьць бясспрэчным. Мы шчыра спадзяемся, што гэты ганебны разьдзел у гісторыі польска-беларускіх стасункаў не паўторыцца й што ў будучыні мы зможам будаваць цесныя сяброўскія адносіны паміж нашымі краінамі.
З павагай,
Беларуская згуртаваньне “RAZAM e.V.”