Заява групы “Хрысціянская візія” з нагоды гвалтоўнага змяшчэння архіепіскапа Арцемія ад кіравання Гродзенскай епархіяй

Beitrag vom 11. June 2021

8 чэрвеня 2021 года Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы прыняў рашэнне хадайнічаць перад Свяцейшым Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам і Свяцейшым Сінодам пра «аб залічэнні на спачынак Найвялебнага архіепіскапа Гродзенскага и Ваўкавыскага Арцемія паводле стану здароўя». 9 чэрвеня 2021 года члены Свяцейшага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы разгледзелі дадзенае хадайніцтва на экстранай нарадзе ў рэжыме анлайн і прынялі рашэнне аб звальненні архіепіскапа Арцемія на спачынак. Падобнае рашэнне, паводле Статуту Рускай Праваслаўнай Царквы, з’яўляецца “выключным выпадкам” (V.26.а.).

 

Фактычна ж, дадзенае рашэнне – гэта гвалтоўнае змяшчэнне епархіяльнага архіярэя, матываванае загадзя ілжывай падставай: нібыта “паводле стану здароўя”. Пра штучнасць такой падставы сведчыць адсутнасць прашэння аб залічэнні на спачынак ад імя самога архіепіскапа Арцемія, а таксама спешнасць і кананічная неакуратнасць, з якімі дадзенае рашэнне ажыццяўлялася. 

 

Варта меркаваць, што сапраўднай прычынай гвалтоўнага змяшчэння архіепіскапа Арцемія з Гродзенскай епархіі, таксама як і прычынай змяшчэння з Мінскай кафедры і пасады Патрыяршага Экзарха мітрапаліта Паўла (Панамарова) ў жніўні 2020 года, зрабілася адважная публічная маральная пазіцыя абодвух архіярэяў падчас грамадска-палітычнага крызіса, які пачаўся ў Беларусі летам 2020 года.

 

Крызіс, які працягваецца і дагэтуль, быў выкліканы фальсіфікацыяй рэзультатаў прэзідэнцкіх выбараў і сілавым утрыманнем улады былым прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама надзвычайным гвалтам, масавымі рэпрэсіямі, катаваннямі і пераследам у дачыненні грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія выказвалі сваю нязгоду з беззаконнем, парушэннем канстытуцыйных прынцыпаў дэмакратыі і прававой дзяржавы, грубым парушэннем асноўных правоў і свабодаў чалавека.

 

Архіепіскап Арцемій адным з першых сярод царкоўных лідараў выступіў як сведка Праўды ў вечнай барацьбе дабра і зла, у сваім звароце да паствы 14 жніўня па-прароцку папярэджваючы: “нельга гуляцца з Праўдай, скажаючы і нявечачы яе дзеля палітычнай мэтазгоднасці. Бо Праўда – гэта той каштоўнасны феномен і сэнсавая катэгорыя, за якою стаіць – БОГ! І калі Праўда бярэцца ў двукоссі і лёгкім рухам рукі пераўтвараецца ў хлусню, то зневажаецца Той, Хто ёсьць Айцом Праўды! І на арэну выходзіць іншы айцец. Айцец маны. Якога, як мы ведаем са Слова Божага, завуць – Д’ябал!.. Няхай жа будуць справядліва, сумленна і адкрыта расследаваныя ўсе факты падману, гвалту і жорсткасці, каб здзейснілася Правасуддзе і затрыюмфавала Праўда!”

 

У сваім казанні 16 жніўня архіепіскап Арцемій заявіў: “Пазіцыя веруючага чалавека – ён не мірыцца са злом, ён не падстройваецца пад тых, у каго ўлада, а робіць так, як загадаў Хрыстос”. 

 

Архіепіскап Арцемій сведчыў пра евангельскую праўду не толькі ва ўмовах палітычнага крызіса. Гэта аўтарытэтны і паважаны архіярэй Беларускай Праваслаўнай Царквы, яго багаслоўскую і пастырскую школу прайшлі тысячы актыўных маладых міранаў, місіянераў і студэнтаў тэалогіі. Сапраўдны айцец для сваёй паствы, у чыёй епархіі адносіны будаваліся на падставе бясспрэчнага аўтарытэта, узаемнага даверу і павагі. У Гродзенскай епархіі, якою ён кіраваў, дзейнічага міранская калегія, моладзевыя праваслаўныя братэрствы, а таксама экалагічны епархіяльны аддзел. 

 

У сярэдзіне жніўня больш за 300 чалавек – святароў, багасловаў, інтэлектуалаў, актыўных міранаў, супрацоўнікаў структур БПЦ напісалі ўладыку Арцемію ліст з падзякаю за яго пазіцыю і смеласць.

 

Гвалтоўнае змяшчэнне архіепіскапа Арцемія падрывае аўтарытэт іерархіі ў царкоўным народзе, сярод міранаў і святарства, а таксама шкодзіць вобразу Праваслаўнай Царквы ў беларускім грамадстве.

 

Мы выказваем сваю рашучую нязгоду з палітычна матываваным гвалтоўным змяшчэннем архіепіскапа Арцемія і кананічным свавольствам у дачыненні да яго. Мы рэзка асуджаем дзеянні Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы і Рускай Праваслаўнай Царквы, накіраваныя на беспадстаўны пераслед архіепіскапа Арцемія. Мы заклікаем тых, хто актыўна ўдзельнічаў у змяшчэнні архіепіскапа Арцемія або сваім маўчаннем падтрымаў несправядлівасць у дачыненні да яго, прыняць усе меры, каб аднавіць справядлівасць. 

 

Мы горача вітаем салідарнасць святароў, багасловаў і актыўных міранаў Беларускай Праваслаўнай Царквы ў дачыненні архіепіскапа Арцемія, а таксама салідарнасць з боку святароў і вернікаў іншых канфесій. Асабліва адзначаем тых епіскапаў, якія адмовіліся ўдзельнічаць у кананічным гвалце ў дачыненні да свайго сабрата.

 

Мы звяртаем увагу замежных цэркваў, экуменічных арганізацый і міжнароднай супольнасці на тое, што падобны палітычна матываваны пераслед лідара царквы з’яўляецца чарговым яскравым прыкладам ціску на Царкву і царкоўных лідараў, які здзяйсняе палітычны рэжым у Рэспубліцы Беларусь, умяшальніцтвам дзяржавы ў аўтаномію царкоўнай арганізацыі і фактычна пераследам за веру. Мы заклікаем сусветную хрысціянскую супольнасць да салідарнасці з гнаным праваслаўным епіскапам. 

 

Мы выказваем сваю глыбокую павагу і падзяку архіепіскапу Арцемію за яго смеласць у пропаведзі евангельскіх праўдаў, за рашучасць у абароне прынцыпаў міру і справядлівасці, за прароцкі голас і надзею на будучыню Беларускай Праваслаўнай Царквы.

 

Група “Хрысціянская візія”