Тры гады мы разам

Beitrag vom 9. August 2023

Паважаныя сябры і сяброўкі,

9 жніўня 2020 года нашыя суайчыннікі і суайчынніцы, калегі і каляжанкі, суседзі і суседкі, сябры і сяброўкі, нашы сем’і разам выйшлі на вуліцы Беларусі, каб пратэставаць супраць яшчэ адных сфальсіфікаваных выбараў. Гэта быў ня першы, але ж самы вялікі антыўрадавы пратэст у гісторыі сучаснай Беларусі. У той жа час за мяжой адбывалася ня першае, але ж безумоўна самае вялікае уз’яднанне беларускай дыяспары. Мы усе спадзяваліся, што гэтым разам у нас ёсць сапраўдны шанец пераадолець жорсткую дыктатуру, якая не адпавядае каштоўнасцям і мэтам сучаснага грамадства у 21 стагоддзі і ня можа прапанаваць беларускаму народу годную будучыню. З гэтай надзеяй на дэмакратычную Беларусь, мы абвясцілі 9 жніўня 2020 года заснаванне RAZAM у Нямеччыне.

Далей было тры гады пастаяннага ўзмацнення рэпрэсій, беспрэцэдэнтнага гвалту і адчаю ў Беларусі. Сёння мы разумеем, што мы жывем у выключную гістарычную эпоху, вынік якой дагэтуль не ясны: мы бачым пагрозу анексіі з боку Расіі, злачынную падтрымку рэжымам вайны ва Украіне і знішчэнне беларускага суверэнітэту і культурнай ідэнтычнасці. Нас хвалюе лес больш чым 1500 палітвязняў, якія ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах. Мы смуткуем па Вітольду Ашураку, Мікалаю Клімовічу, Алесю Пушкіну і загінуўшым байцам з палка Кастуся Каліноўскага ва Украіне. Ім усім вечная памяць.  

Нашым адказам на тыя падзеі з самага пачатку быў актывізм. Але ж гэты сапраўды знясільваючы марафон каштаваў нам шмат рэсурсаў і шмат хто з нас адчувае сябе знясіленымі. Мы былі вымушаны навучыцца спраўляцца і ісці далей з разбітымі надзеямі.

Нягледзячы на ўсё гэта, мы выстаялі, мы ўсё яшчэ тут, мы ўсё яшчэ RAZAM! Беларуская дыяспара – жывая і яркая, зноў і зноў яна даказвае здольнасць супрацьстаяць жудасным навінам з дому сваім актывізмам і салідарнасцю. RAZAM — гэта голас, які чуюць і прымаюць да ўвагі, калі Беларусь становіцца тэмай у Нямеччыне. З падзей 2020 года наша некалі невялікае аб’яднанне вырасла да каля 300 сяброў і сябровак ва ўсіх федэральных землях Нямеччыны — і гэта ня толькі беларусы і беларускі, але і немцы і прадстаўнікі іншых краін. Калі 3 гады таму панавалі творчыя вулічныя пратэсты, то сёння мы ладзім канцэрты, кніжныя чытанні, выставы, інфармацыйныя мерапрыемствы і сустрэчы для дыяспары: Ноч Расстраляных Паэтаў у Бохуме і Брэмене, Мюнхеншчына і Minsk x Minga ў Баварыі, імпрэзы RAZAM Kunst у Берліне, Купалье, ужо два з’езды беларускай дыяспары, брыфінгі па Беларусі для нямецкіх дэмакратычных партый і шмат іншага.

З вашай дапамогай і дзякуючы адданым ахвярадаўцам мы можам кожны месяц падтрымліваць больш за 50 сем’яў палітвязняў. Каманда RAZAM Help пракансультавала больш як 1000 беларусаў, якія ўцяклі ад рэпрэсій у Беларусі, пра магчымасці легалізацыі ў Нямеччыне і падтрымала разам з вамі шматлікія сем’і падчас цяжкага пераезду. Разам з Free Belarus Center перад вайной мы трымалі прытулак для беларусаў і беларусак, якія вымушаны былі уцекаць ва Украіну. Зараз разам з фондам Humanosh мы падтрымліваем прытулак для беларусаў Польшчы “Мірны дом”. З пачаткам вайны ва Украіне мы разгарнулі гуманітарную дапамогу і пачалі збіраць грошы на размініраванне ў некалькіх рэгіёнах краіны. Мы праводзім розныя праекты, якія фінансуюцца нямецкай дзяржавай, каб падтрымаць беларускіх праваабаронцаў, журналістаў і журналістак і дзеячаў культуры разам з нямецкімі партнёрамі, а таксама беларускай супольнасцью ў выгнанні. Гэтая нястомная прыхільнасць заўважана і ацэнена на высокім палітычным узроўні: мы былі здзіўлены, але і надзвычай рады, што ў маі гэтага года мы атрымалі Грамадзянскую Прэмію Імя Густава Хайнемана.

І ўсё ж самая каштоўная частка RAZAM – гэта вы, нашы дарагія сябры і сяброўкі: кожны з нас аддаў шмат асабістага часу, эмацыянальных рэсурсаў і намаганняў на карысць Беларусі. Без гэтага дару вашай творчасці, энергіі і ахвярнасці RAZAM як арганізацыя не магла б існаваць і мець поспех.

Назва RAZAM адлюстроўвае ўсё, за што мы выступаем: RAZAM азначае, што мы стаім разам, падтрымліваем адзін аднаго і клапоцімся пра тых, хто найбольш патрабуе нашай дапамогі. Разам мы прасоўваем беларускую культуру, мову і ідэнтычнасць. Разам мы падтрымліваем беларускіх інтэлектуалаў, мастакоў і мастачак вымушаных з’ехаць у эміграцыю. Таму што толькі сумеснымі намаганнямі і аб’яднанымі рэсурсамі мы можам захаваць сілу сапраўды дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці, якая характарызуецца ўдзячнасцю і ўзаемным даверам, у якой мы можам абмяркоўваць і спрачацца адзін з адным горача, але з павагай, у якой мы прызнаем нашую разнастайнасць і адкрыты, каб вучыцца адзін у аднаго.

Мы перакананыя, што гэта адзіны выхад з гэтых цяжкіх часоў.

Жыве Беларусь!